Музей

Музей Яўрэйскага Супраціўлення

Экспазіцыя, створаная ў 2007 г., знаходзіцца ў былым бараку гета на вул. Мінскай у г. Навагрудку. Тут прадстаўлена гісторыя самых паспяховых уцёкаў праз тунэль у акупаванай нацыстамі Еўропе і яўрэйскага партызанскага атрада Бельскага (ім. Калініна).

Уцёкі з лагера прымусовай працы закрытага тыпу адбыліся 26 верасня 1943 г. Апошнія вязні навагрудскага гета ўцяклі праз тунэль даўжынёй у 200 м, які яны будавалі на працягу 4 месяцаў.

Узнікненне працоўнага лагера і ўмовы жыцця

Другое гета ў г. Навагрудку са статусам лагера прымусовай працы закрытага тыпу было створана 6 жніўня 1942 г. Каля 500-600 вязняў, у асноўным рамеснікі і іх сем’і, у тым ліку каля 300 жанчын і 32 дзіцяці, былі заключаны ў гэтым лагеры. Іх размясцілі ў былых майстэрнях ваяводскага суда, пераўтвораных у перанаселены барак.

Вязні самі пабудавалі трох’ярусныя нары, у кожным пакоі жылі па 20-25 чалавек, на аднаго чалавека прыходзілася 65 см на нарах.

Гэта было гета закрытага тыпу. Яўрэі працавалі ў майстэрнях, якія размяшчаліся ў суседніх будынках, і не выходзілі за межы лагера. На тэрыторыі лагера не было вады, у бараках адсутнічала ацяпленне і асвятленне. Ваду пад аховай прыносілі з калодзежа, які знаходзіўся па-за межамі гета. Яе хапала толькі для піцця і прыгатавання так званага супу з бульбяных ачысткаў. Міска супу і 250 г хлеба складалі штодзённы рацыён вязняў. Пасля расстрэлу 7 мая 1943 г., калі была знішчана палова насельнікаў гета, порцыя хлеба была скарочана да 125 грамаў.

Калі стваралі працоўны лагер, камендант Вільгельм Ройтэр пад пагрозай смерці забараніў браць штосьці з гета на Пярэсецы, адкуль перасялялі вязняў на вул. Карэліцкую. Спачатку спалі на голых нарах, потым прывезлі салому, а праз некаторы час дазволілі забраць з гета на Пярэсецы тое, што засталося пасля расстрэлу 4000 чалавек 7 жніўня 1942 г. і не спатрэбілася ні немцам, ні паліцыі.

У новым лагеры былі кушняры, столяры, шаўцы, шорнікі, краўцы і кавалі з Навагрудка, Івянца, Дзятлава, Карэліч, Наваельні і іншых мястэчак, а таксама некалькі сем’яў бежанцаў з Польшчы. Кожнаму вязню быў прысвоены ідэнтыфікацыйны нумар, які неабходна было насіць спераду і ззаду на вопратцы.

Кожную раніцу вязні выстройваліся на паверку, а затым ішлі на працу ў майстэрні. Яны прышывалі футравыя каўняры да шынялёў; шылі кажухі і рукавіцы для Вермахта, рабілі сёдлы і рамяні з грубай скуры; шылі касцюмы, чаравікі і боты, рамантавалі мэблю, якую звозілі з яўрэйскіх дамоў і раздавалі раскватараваным у Навагрудку немцам; выраблялі вязаныя рэчы, шылі гарсэты і сукенкі для іх жонак, а таксама выконвалі замовы мясцовага насельніцтва.

Нядзеля была выхадным днём, калі прыбіраліся ў бараку і ў лагеры.

Тэрыторыю гета агароджваў трохмятровы драўляны плот і два рады калючага дроту. Па вуглах стаялі вышкі з кулямётамі, а на даху будынку суда быў усталяваны пражэктар, які асвятляў тэрыторыю лагера ўначы. 24 чалавекі – атрад мясцовай паліцыі – ахоўвалі лагер днём і ноччу.

Будаўніцтва тунэля і ўцёкі

Пасля растрэлу 7 мая 1943 г., у якім загінулі 250 чалавек (па нямецкіх архіўных дадзеных 323 чал.) пачалося будаўніцтва тунэля.

Тунэль пачынаўся ў бараку пад нарамі, пралягаў на глыбіні 1 м пад зямлёй і меў працягласць каля 200 м. Вышыня тунэля складала 65-70 см і такая ж была шырыня. Усімі працамі па будаўніцтву тунэля і арганізацыяй уцёкаў кіраваў Берл Ёсялевіч, фатограф з г. Навагрудка.

Увечары 26 верасня 1943 г. адбыліся ўцёкі. У спісе, складзеным напярэдадні, значацца 223 прозвішчы, зараз вядомы імёны 232 уцекачоў.

132 з іх засталіся ўжывых, больш за сто чалавек дабраліся ў в. Старая Гута і на старую базу атрада Бельскага каля в. Каменка, куды яўрэйскі партызанскі атрад, створаны братамі Бельскімі, вярнуўся пасля карнай аперацыі “Герман”.

Музеефікацыя тунэля

Ідэя стварэння экспазіцыі ў бараку, дзе пачынаўся тунэль, узнікла ў дырэктара Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамары Вяршыцкай, калі ў 1990-ыя ў Навагрудак сталі прыязджаць былыя вязні навагрудскага гета, партызаны атрада Бельскага.

У ліпені 2007 г. гэты праект быў ажыццёўлены пры фінансавай падтрымцы ITF – Міжнароднай арганізацыі, якая займалася мемарыялізацыяй месцаў, звязаных з Халакостам, і асабіста Джэка (Ідэля) Кагана, уся сям’я якога загінула ў Навагрудку падчас Халакосту.

Пасля вайны Ідэль пасяліўся ў Лондане, стварыў сям’ю, пабудаваў паспяховы бізнес, але памяць аб Навагрудку працягвала жыць у яго сэрцы. Пасля выхаду на пенсію ён зрабіў захаванне памяці аб трагедыі яўрэяў Навагрудка, уцёках праз тунэль і партызанах атрада Бельскага справай свайго жыцця. Ён дапамог звязацца з людзьмі, сабраць фатаграфіі, зрабіў чарцяжы нараў па памяці, успомніўшы імёны людзей, якія жылі разам з ім і ў суседнім пакоі, расказаў пра сябе і пра перажытае.

У 2012 г. археалагічныя даследаванні з удзелам былых вязняў, іх нашчадкаў і мясцовых валанцёраў дапамаглі ўстанавіць напрамак і выявіць рэшткі тунэля.

У кастрычніку 2013 г. пачалася музеефікацыя тунэля, быў абазначаны яго маршрут і закладзены Сад Справядлівасці ў памяць аб людзях, якія рызыкавалі сваім жыццём, дапамагаючы яўрэям перажыць Халакост.

Памятны знак Жаданню Жыць

Адкрыццё мемарыяльнай кампазіцыі адбылося 26 верасня 2017 года. Яна ўяўляе сабой юную дзяўчынку, апранутую ў касцюм матылька, побач з Дрэвам Жыцця.

Прататыпам для памятнага знака стала Міхле Сасноўская, якую схапілі і забілі, калі яна паспрабавала ўцячы ў лес і далучыцца да супраціўлення.

Створаны скульптарамі Уладзімірам Панцялеевым і Алегам Купрыянавым, памятны знак сімвалізуе нявіннасць, надзею і вечнае чалавечае жаданне жыць і быць свабодным.

Выстава пад адкрытым небам

Выстава пад адкрытым небам “Гісторыя тунэля і ўцёкаў, расказаная ўдзельнікамі падзей”, заснавана на сведчаннях удзельнікаў уцёкаў з архіваў Яд Вашэм у Іерусаліме і Яўрэйскага Гістарычнага Інстытута ў Варшаве.

Сцяна Памяці была адкрыта 8 ліпеня 2019 года пры падтрымцы сямейнага Фонда Сірыл і Чарльза Кушнераў.

На Сцяне ўстаноўлены 227 таблічак з імёнамі вязняў, якія ўдзельнічалі ў дзёрзкіх уцёках праз тунэль 26 верасня 1943 года, на трох мовах – рускай, англійскай і іўрыце. Аўтар архітэктурнага праекта – беларускі архітэктар Георгій Заборскі.

Волонтёрам